Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПРЫСТАЎ Я ЖЫЦЬ…

Прыстаў я жыць на белым сьвеце,
Хоць столькі ўвокала жыцьця;
Завялі думкі на расьцьвеце,
Душа жадае нябыцьця.

Нуда гняце з днём кожным болей,
Быт спавівае чарнатой, —
Як сухавей у чыстым полі
Гуляе з зернем-сіратой.

Пытаньня злога не пазбыцца,
Як мара бледная, стаіць:
Куды ісьці? за што ўчапіцца?
Якім багом паклоны біць?

Мінуў, загінуў час вясёлы,
Калі зрываўся з усіх сіл
Ад родных ніў, ад родных сёлаў,
Ад апаганеных магіл.

Туды, туды, ўсё далей, далей,
Да недасягнутых вышынь,
Каб, апынуўшыся ў крышталі
Шчасьлівых сонечных іскрын,

Самое сонца ўзяць у рукі
І, як з паходняй, з ім ісьці,
Сьвятлом ніштожыць нашы мукі,
Увесь плач роднае зямлі.

Ўзьнімаць патоптаныя душы,
Людзкім названьнем акрыляць,
К жыцьцю падняць з магільнай сушы
Усіх, што толькі яшчэ сьпяць.

Служыць, служыць жадаў народу,
Сваім закованым братом…
І сіл ня стала з непагодай
Вясьці вайну, вясьці з жыцьцём.