Гэта старонка была вычытаная
Я ад вас далёка… Жыву між чужымі.
Чую-ж вашы песьні, — водклік шлю сваімі;
Дабываю песьні ад душы, ад сэрца,
Аж-бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца.
Не зрабіць нікому гэткай дамавіны,
І ня вырыць яму гэтакай глыбіны.
Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,
Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.
Я ад вас далёка… Божа ты мой мілы!
Неразлучны з вамі да самой магілы, —
Не пакіну думаць сьвітам і ўпацёмку:
Як там жывіцё вы, як жыве старонка?
А хоць дасьць мне доля ў дамавіне месца, —
Ўстане цень з зямлі мой, на крыж абапрэцца,
І ў той бок глядзеці будзе век нязводна,
Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
|}