Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, —
На чужое неба ўжо гляджу сягоньня.
Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.
І няма на сьвеце так вялікай меры,
І няма на сьвеце так каваных дзьвераў,
Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —
Беларусь са мною разлучыць пасьмелі!
*
Я ад вас далёка… скажуць гэтак людзі…
Але хто заглянуў у чужыя грудзі
І паняў хто шчыра той агонь і мора,
Што гарыць, бушуе і аб чым гавора?
Пойме толькі гэта, хто аж да скананьня
Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстаньня;
Каго доля-ведзьма ад самой калыскі
Кідала па сьвеце, як той ліст вятрыскі.
*
Я ад вас далёка… А дзе ні гляджу я —
Дома толькі думка днюе і начуе;
Знаю толькі пушчы Белавескай гоман,
Знаю толькі рэчку — з плытнікамі Нёман.
Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны, —
Што мне замянілі-б хату і бярозкі,
Хату і бярозкі беларускай вёскі?..
*
Я ад вас далёка… Дзеліць нас поўсьвета, —
А жыву-ж я з вамі і зіму і лета;
Чую з вамі ў восень непагоды песьню,
Цешуся з праталін вольнага прадвесьня.
І ці сонца ўзыйдзе, і ці сонца зайдзе, —
Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;
З выраю-ж як толькі сустрачаю гусі,
Весьці ў іх пытаю з роднай Беларусі.
|