Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МОЙ ДОМ

Мой дом — прывольле зьвёзднай далі,
Арламі мераны абшар,
Дзе бітвы точаць ветраў хвалі
З сям‘ёй глухіх калматых хмар.

*

Мой дом — амшалай пушчы сховы,
Сяліба ясеняў, сасон,
Дзе сьмех русалчын, лясуновы
Палошыць вечна-цяглы сон.

*

Мой дом — пяшчаныя разлогі,
Пакута сьцюжы і сьпякот,
Дзе ў скібах лад вядуць народгі,
Аздобай цьвет — чырвоны пот.

*

Мой дом — узьмежных зёлак восьці,
З сухой асінаю курган,
Дзе тлеюць прадзедавы косьці,
Дзе плача ночка ды туман.