Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЯШЧЭ ПРЫДЗЕ ВЯСНА

Ня пужайся, што здрадныя хмары
Неба ўслалі з канца да канца,
Што свае цемната ўнясла чары,
Закружыўся груган над папарам:
Яшчэ прыдзе вясна!

Ня пужайся, што лісьць пажаўцелы
Лес скідае з канца да канца,
Дый ня чуць птушак пеўчых дзень цэлы,
Прашмыгне толькі заяц нясьмелы:
Яшчэ прыдзе вясна!

Ня пужайся, што бедная ніва
Апусьцела з канца да канца,
Што мужыцкай рукой нешчасьлівай
Няужоннае скончана жніва:
Яшчэ прыдзе вясна!

Ня пужайся, што вольныя сілы
Ў путах дрэмлюць з канца да канца,
Што насільства ўсю праўду здушыла,
Што сьмерць густа капае магілы:
Яшчэ прыдзе вясна!
Яшчэ прыдзе!..

1908 г.