Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/335

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З КОНРАДА ВАЛЬЛЕНРОДА

Сто лет мінала Крыжацкай навале,
Як кроў з паўночных смактала паганаў.
Прусы ўжо шыі ў аковы згіналі
Або ўцякалі з радзімых палянаў;
Немец за ўцёкшым пускаўся ўдагонкі,
Нішчыў да самай літоўскай старонкі.

Літвінаў дзеліць ад ворагаў Нёман:
З аднаго боку льсьняць стрэхі сьвятыняў,
І лесу — схову багоў — чуваць гоман;
З другога — ўбіты на ўзгорку пустыні
Крыж, знак нямецкі, рад к небу сягнуці,
Грозна пільнуе літоўскіх загонаў,
Як-бы ўсю чыста зямлю Палямона
Хацеў-бы зьверху здушыць, загарнуці,

Гэтта літоўскай сям‘я маладзежы
Ў шапках бабровых, у сьвітках мядзьвежых,
З лукам праз плечы, з страламі пры боку
Снуе і сочыць за немцам здалёку;
А там — няскратна; ў збраеньні каваным
Немец сядзіць на кані асядланым,
К землям уставіў нязабраным вочы,
Стрэльбу набіў і ружанцам ляскоча,

Пільнуюць тыя і гэтыя броду.
Так Нёман, з даўнай гасьціннасьці рупны,
Сялібы лучачы братніх народаў,
Стаўся граніцай для ўсіх недаступнай,
І той мог толькі прайсьці яе сьмела,
Каму на волі жыцьцё надаела.
Адно галінка літоўскага хмелю,