Мрэ адзін, а ўсё з ім не ўмяншаецца;
На яго месца родзіцца пяць…
Пакруціў-памуціў мазгаўніцаю
Той грабар і штось выдумаў, знаць.
Ён рыдлёўку сваю жалязяную
Кавалю пацягнуў, паказаў;
Як зьмяю, так сваю землякопніцу
Насталіць, натачыць прыказаў.
І давай ён тады дзіву дзіўную
Апраметна капаць глыбіну,
А ўсё так, ня, ‘быяк, ня спыняючысь,
Верне брылы адну на адну.
Хто спытае: каму? — не адказвае,
Адно толькі ямчэй капане;
Аб нічым аб другім і ня ўздумае,
Думку зьвёў аб ядзе і аб сьне.
Рые тыдзень, другі: яма большыцца;
Ўжо кладзе за адкосам адкос;
Дол глыбок, і пясок над магілінай,
Як і глыб — гэтак высака ўзрос.
Ўжо к канцу далакоп падбліжаецца,
Ўжо работы ўсяго на паўдня;
Чуць-чуць схоў не гатоў недзе некаму…
Ня стрывала матуля-зямля:
Ў яму рухнула зьверху, хаваючы
Грабара і яго працу усю…
Але што-ж? Для каго-ж дол быў копаны?
..............
Грабар яму ўсяму рыў Жыцьцю!
|}