Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/322

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ўзяці старца і гусьлі жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я ці неба! —

XI

Падхапілі, ўзялі гусьляра-старыка,
Гусьлі разам яго самагуды;
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, панясьлі на загубу.

Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.

Не часалі дамоўкі яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гусьлі і ён з тэй пары — да пары;
Сум і сьціша залеглі, як ночай.

Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вясельле ўсё княжны гулялі.

XII

Пацяклі, паплылі за гадамі гады…
На гусьляравым насьпе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.

Лет за сотню зьвёў час, ці і болей мо‘ лет,
Зацьвілі пераказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гусьлямі дзед,
З кургана, як сьнег, белы выходзе.

Гусьлі строіць свае, струны звонка зьвіняць,
Жменяй водзіць па іх абамлелай,
І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы.

Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў-бы ніколі ўжо гора…
Можна тут веру даць, толькі слухаць душой…
Курганы шмат чаго нам гавораць.

|}