Што заснуў там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі!
На стол чаркі! П‘юць, знай, не здарма бедакі.
Ня нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,
Налівай, выпівай, каб ня чуць і ня знаць!
Ты, музыка, настрой нам скрыпулю сваю,
Я пад звон гулкіх струн аджыву, запяю!
Толькі рэж — не жалей, агнісьцей, весялей, —
Так ад самай душы, ад збалелых грудзей!
Сірата я сягоньня — дзе гляну — вазьму.
Калісь бацьку я меў, пакой вечны яму;
Цягавіт быў, ня раз не даспаў, не даеў,
Жаль, старога — ня ў час ён душой загавеў…
Дзе за вёскай пуціны ідуць накрыж дзьве,
Там гурбок ты убачыш у цёмнай траве;
Там бярозка, пасаджана мною, шуміць,
Салавейка вясной там сьпяваці ляціць…
Свой напеў галасіла прадвесьне людзям,
Крутавата на вёсцы прыходзілась нам:
Тым няхват хлеба, корму, падаткі другім
І той сон і спакой аднімалі зусім.
І стары мой у гэтым ані не адстаў:
Ледзь хадзіў, уздыхаў, штось пад нос барматаў.
Што рабіць? Ёсьць Красулька — жывёлка адна,
Трэба ў горад, на торг, — няма рады, бяда!
Сьлязіну-гарчыню абмахнуў рукавом,
За вяроўку, за цёлку, ды марш пехатом.
Толькі робіцца цёмна ў вачох бедаку:
І чаму-ж так усё ня ручыць мужыку?
Вось і горад. Красульку таргуюць, — прадаў,
Барыш лоўкі папіў, грошы добра схаваў,
Машыруе дамоў, падпявае з нуды, —
Хоць на час адкупіцца ёсьць чым ад бяды.
|