Цёплым летам на купальле,
Як ноч ляжа без граніцы,
Зводы, чары бліжай, далей
Відны ў пушчы над крыніцай.
Ля калоды на калодзе —
Ў кожным лесавым куточку,
Кветка-папараць усходзе,
Зацьвітае ў гэту ночку.
Хто захоча ў цёмнай гушчы,
Пашукаці, паспытаці,
Падпільноўвае дух пушчы —
І ня дасьць нічога ўзяці.
Вось, глядзеце! Зважна, ціха
Чалавек ідзе, крадзецца;
Што за немач, што за ліха?
Ці-ж няма ўжо дзе падзецца?
Вочы кроўю наліліся,
Аб зуб зубам страх ляскоча,
Клубам гнецца, прыхіліўся:
Кветку-шчасьця цапнуць хоча:
І мармоча, як спрасоньня,
Пад шурпатымі сукамі:
Ці-ж, як летась, і сягоньня
Мне з пустымі йсьці рукамі?
Кожны год іду сюды я,
Кожны год надзею маю,
А тут немачы нямыя
Круцяць, верцяць з боку, з краю.
Зьбіўся з толку, жыць нязмога;
Вечны голад кветкі-шчасьця,
То ад бога, то да бога
Гоніць, цісьне, як з напасьці.
|