Пытаеш ты, якім быць трэба
Зямлі забытай песьняру?
Як у шуканьні вечным хлеба
Знайсьці ясьнейшую пару?
О, не хадзі к другім за радай, —
У пушчы сонца ня шукай!
Дабудзь з сваёй душы ўсе праўды,
Сваіх дум, сэрца запытай.
Хай сэрца сэрца не баіцца,
Душа з душою хай пяе;
На думках братніх, як на скрыпцы,
Ты песьні выгалась свае!
За родну песьню будзь ваякай,
Ня жджы заплаты ад людзей.
Пясьняр — слуга слугі усякай,
Пясьняр і цар усіх царэй!
Дзе зор гуляюць хараводы,
Зірні зухвала, бяз трывог,
Прагледзь нябесныя ўсе ходы,
Каб аж задумаўся сам бог!
Падслухай шэпты зямлі-маткі,
У скарбы ўсе яе заглянь,
Каб аж пашла весьць ва ўсе хаткі,
Як з ніў найбольшую браць дань.
Шчасьлівы ты, ці нешчасьлівы,
Будзі сыноў сваёй зямлі,
Над беларускай соннай нівай
Нязгаслы сьветач распалі!
Глядзі — ўскалышыцца, прачнецца
Мільённы прыспаны народ,
І вокліч славы пранясецца,
Пясьнярскай славы з роду ў род.
|