Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/231

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З МІНУЎШЫХ ДЗЁН

Перашло, мінула,
Што калісь жыло,
Ў курганох заснула,
Зельлем зарасло.
Пад магіл навалай
Дрэме Русь, Літва, —
За тэй тая з хвалай
Легла галава.
Ня гудзе ў павазе
Голас вечавы,
Ня шукаюць князі
Славы і бітвы.
Войска Усяслава
Ня ідзе ў паход
На той бой крывавы
За свой край, народ.
Сьцены і запоры
Палачан, Мянчан
Леглі у разоры
Зможаных палян.
Ні сьвятых дуброваў,
Зніч пашоў з вадой;
Загасьціў лад новы,
Ды ня той, ня свой.
Слых адно праходзе
Калі-ні-калі
У жывым народзе,
На жывой зямлі.
Баіць, гнучы шыі,
Паднявольны люд:
Мы ў сваім чужыя, —
Край забраны тут!
Так прашло, мінула,
Што калісь жыло,
Ў курганох заснула,
Зельлем зарасло.