На кургане на адвечным,
Пад асінай векавой,
Сеў дудар, сагнуўшы плечы,
З пасівелай галавой.
На дудзе, на самагудзе
(А дуда — як веча звон),
Духам кліч пускае ў людзі —
Песьня ў песьню, тон у тон.
Як жывая, рвецца песьня,
Лесам-пушчаю шуміць,
З забыцьця зьмятае плесьню,
Мох з мінуўшчыны ляціць.
Сьлед за сьледам ройным роем
Цені даўнага кладуць…
Князь за князем, бой за боем,
Як сягоньня, ў ход ідуць.
Роднай бацькаўшчыны долю,
Як у люстры, бачыш так,
Долю-волю у бязвольлі,
Што зышла, ідзе ня ў знак.
Гоман-славу, чорнай хваляй
Што зьбіралі курганы,
Белы косьці, што гублялі
Беларускія сыны.
Што сабе кавалі путы,
У бітвах мручы за другіх…
Як-бы модлы і пакуты
Ўсіх — і наскіх, і чужых.
І сягоньняшняй праявай
Звоніць шчасьце небарак,
Што са славаю за славу
І памерці няма як.
|