Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/224

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧУЖЫМ

Мы вас прынялі хлебам і соляй,
Людзі чужыя;
Ўстрэлі вас ласкай нашага поля
Кветкі жывыя.
Нашы сасонкі шумнага бору
Далі вам хаты,
Далі загонаў нашых разоры
Гонар багаты.
Пух і аўчынкі нашага хову
Грэлі зімою,
Птушкі вам гралі з нашай дубровы
Гымны вясною.
Ценем тулілі вас у сьпякоту
Нашы чарэсьні,
Нашыя жнейкі ў жніўну работу
Пелі вам песьні.
Вашым патомкам нашыя маткі
Казкі складалі:
Ў сэрцах дзіцячых праўдаў пачаткі
Сеў засявалі.
Верны славянскім спадкам, браточна
У госьцях вас мелі,
І шанавалі людзка, сьвяточна
Ў будні, ў нядзелі.
..........
Сотні лет песьцім днямі і ночай
Госьця на шыі —
Зьмея, што з пуняў скарбы валоча,
Скарбы чужыя.
Вы ўжо забылі, людзі здарэньня,
Дзе ваш прыпынак, —
Вывелі ў гандаль славу, сумленьне —
Праўду на рынак.