Гэй, капайце, далакопы,
Яміну-магілу, —
А шырока, а глыбока,
Колькі хваціць сілы.
Так капайце днём і ночай.
Помачу склікайце, —
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.
*
Гэй, ударце, загудзеце,
Званы з усіх вежаў,
Каб ніхто ўжо пары гэтай
Дома не залежыў.
Так званеце, ня кідайце,
Дружыну склікайце…
Хаўтуры ўжо свае будзе
Беларусь спраўляці.
*
Гэй, зайграйце ў мільён струнаў,
Слаўныя музыкі,
Каб аж водгалас каціўся,
Як ёсьць сьвет вялікі.
Так іграйце, каб было ўжо
І глухім чуваці, —
Каб маркотна ня было спаць
Беларусі-маці.
*
Гэй, зьбірайцесь на памінкі,
І сыны і дочкі,
Справім гучную бяседу
Пад аслонай ночкі.
Сабірайцесь, ды ня сьнеце
Галасіці звонка, —
Памінаць бо толькі будзем
Родную старонку.
|