З-над сонных вод Нёмна, з-пад хвой Белавежы,
Суседзі, суседкі, вітаю я вас!
Блудзіла я доўга па рытвах, па межах,
Аж сьцежку-дарожку знашла во хоць раз.
Хоць, пэўна, вы знаеце, хто я такая,
Якім правам тут перад вамі стаю,
Дзе дом мой, народ мой — з якога я краю, —
Паслухайце смутную повесьць маю.
З канца у канец, дзе загнанае слова
Зьвініць беларуса, — ўладаньне маё;
Шмат сотняў таму лет у хаце вясковай
Ўзяла і праводжу сваё я жыцьцё.
З-пад гэтай хаціны па выдмах нязнаных
Ганялі, чаго ня згубіла, шукаць.
Глядзеце: во рукі і ногі у ранах,
А раны на сэрцы — каму-ж іх паняць?!
Па грудах, каменьнях хадзіла я босай,
Крывёю чырвонай дабрыла зямлю;
На шаты мае паглядалі з‘укоса
І песьню з насьмешкай віталі маю!
З балотам мяшалі, пагардай плявалі
Ўсе тыя, што вырасьлі нават са мной!
З маім людам згінуць навек мне казалі,
І страшна было мне так жыць сіратой!..
За сошкай, за коскай, з сярпом і з сякерай
Я шла-валаклася, дзе шоў мой народ;
Заплатай было, што ён часам мне верыў
І думкі снаваў аба мне з году ў год.
Шлі векі. Магіла лягла пры магіле, —
Вада змыла наспы, крыжы пагнілі;
Гаротнасьцяй зможаны, ў крыўдзе, ў бясьсільлі
Там прадзедаў косьці бяз часу ляглі.
|