Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗА СВАБОДУ СВАЮ…

За свабоду сваю
Ўсёй душой пастаю;
У вагонь, у ваду
Я за ёю пайду.

Лепей сам сябе дам
Пахаваці людзям,
Як свабоду хаваць,
Злыбядзе аддаваць.

Ў сэрцы, ў думках сваіх
З самых лет маладых
Я яе ўзгадаваў
І сваёю назваў…

Гэй ты, гэй, вецер, пей
А свабодзе маей!
Гэй ты, гэй, бор, шумі,
А свабодзе грымі!

Гэй ты, сонца, гары
Ад зары да зары,
Ланцугі распалі
Па ўсёй чыста зямлі!..