Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РВІСЯ, ДУМКА!..

Покі старасьць неўдалая
Костак з ног ня вале,
Рвіся, думка маладая,
Туды, вышай, далей!

К таей праўдзе ненапраснай:
К шчасьцю і свабодзе;
Рвіся, покі будзе ясна,
Покі будзе годзе!

Гарапашна, непрасьветна
І ў душы і ў хаце,
Стане горай няпрыветна,
Калі будзем спаці.

Дык жывуча, скокам-бокам,
Покі сэрца точыш,
Рвіся, думка, ненарокам, —
Знойдзеш, чаго хочаш!

Рвіся! рвіся! дый старайся
Нуду адалеці,
Заглушыцца не давайся
Ні за што на сьвеце.