Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НАД НІВАЮ Ў НЕПАГОДУ

1

Постаць нязжатая слотамі гноіцца.
Птушкай цярэбіцца, ветрам малоціцца,
Колас сагнуўся, зьмяшаўся з гразёй;
Зжатыя снопікі ў мэтлях валяюцца.
Віхрам зрываюцца, зерне зрастаецца…
Як-жа ты, шнур наш, глядзіш сіратой!

Столькі і працы, і лоту загнанымі
Ўложана ў ніву скупую сялянамі,
Столькі пашло уздыханьня, мальбы!
Гляньце — ўсё нішчыцца злой непагодаю,
Неба ня зжаліцца над зямлі ўродаю,
Неба ня чуе ні скарг, ні кляцьбы.

Сэрца забытых крывёй абліваецца,
Доля няшчаснага ў полі бадзяецца,
Рады зьнікуль ня відаць і ня чуць;
Думы ўзьнімаюцца, думы маркотныя:
Што бедакі, хлебаробы гаротныя
Холадам, голадам зімнім пачнуць?

Белай пялёнкаю сьнег разьлягаецца,
З гікам мяцеліца дзіка ўздымаецца,
Ў сьцены бязьлітасна валіць мароз…
Дзе тут схаваціся, дзе прытуліціся?
Дзе на кусок хлеба ў сьцюжу разжыціся?
Божа… а сьлёз тых, о колькі тых сьлёз…

2

І чаго-ж, непагода сьлязьлівая,
Непрасьветна вісіш над зямлёй?
Што ўрадзіла нам ніва убогая,
І таго не сабраць за табой!