Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ ЖНЕЯЎ

Бор наш высокі над усе бары,
Двор наш багаты над усе двары,
Шнур наш вузенькі над усе шнуры, —
Коціцца, ўецца ў гару, то з гары.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.

Дворны палетак з канца у канец
Пройдзе схаваўшысь высок маладзец;
Шнур наш хаваецца ў гірсу, ў званец,
Зьліча калосьсе найменшы хлапец.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.

Шнур і палетак мужыцкай рукой
Выаран гладка, засеян парой,
Скроплен — каб лепей рос — жудкай расой:
Потам мужычым, крывёй і сьлязой.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.

Скора мы, жнейкі, шнурок свой дажнём,
Панскі палетак тады жаць пайдзём;
Гойна заплацяць там нам медзяком,
Мы на дажынкі вянок ім спляцём.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць.

Водкі к дажынкам ня будзе няхват;
Песьню сьпяём мы ўсе пану ўпадрад:
Будзь нам багат, панок, будзь весел, рад,
З лета у лета будзь сыт і багат.
Гэй, гэй, жнейкі, не драмаць!
Час сярпы зубіць — і жаць. 1909 г.}}