Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КАСЦОМ

Дзе вы, брацьці ўдальцы, дзе вы, хлопцы-касцы?
Гэй, дакуль на вас трэба чакаць?
Час вам косы кляпаць, час вам на сенажаць
Час вам сілу сваю паказаць!

Пакуль згіне раса, хай засьвішча каса,
Няхай вале ў пракосы траву;
Няхай прыдзе канец на сівец, на званец, —
Хай пазнаюць усе грамаду!

Сонца паліць агнём, пот ліецца цурком…
Гэй, прывыклі да гэтага вы!
Як вы толькі ўзрасьлі, к працы цяжкай ішлі,
І ніхто не жалеў вас ані!

Пот ліецца цурком, — абмахні рукавом
Дый касой замахай весялей,
І з упаўшай грудзі песьню сьлёз завядзі;
Песьню родную долі сваёй!

Песьню пей і касі, пакуль ясныя дні,
Пакуль хмараў на небе няма;
Зямля, плуг і каса — гэта наша краса,
Гэта наша пацеха адна!..