Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АБ МУЖЫЦКАЙ ДОЛІ

1

Дайце скрыпку мне маю,
Дайце мне мой смык!
Я зайграю, запяю,
Як жыве мужык.
Глянь: вялікае сяло —
Ветрам хоць разьвей,
Завяло-ж там завяло
Бяздольле людзей!
ачыш, быццам чалавек,
Векам малады:
Сьлёзы лезуць з-пад павек,
Гнецца ад бяды.
Сіла згублена ў палёх,
Зышла ні за грош,
Дыхавіца у грудзёх,
У каленях дрож.
Колькі слава і рука
За жыцьцё цярпіць!
Адно доля бедака
Сном вячыстым сьпіць.
За ўсю працу, за ўвесь труд,
Зьвярнуцца к каму?
Камень голы там і тут
Платаю яму.
Летам выаздабе ў пот
Мачыху-зямлю, —
У восень схопіць недарод
За работу ўсю.
Зімой — холадам з сям‘ёй
Воўкам завядзе,
На паліцу зуб вясной
З голаду кладзе.