Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ХМАРКА І МАЛАДЗІК

Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ўнізе бяз пуцьця
Спала сном няжывым.

Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзьняла,
Шопат-сказ павяла
Так з суседам сваім.

— Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной, —
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!

Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячу зямлю,
З ёй заводзіць гульню —
Сеяць сум тут і там.

З вутлых сетак, як цін,
Я сплялася з краплін,
І мяне — сірату,
Як плыву ў высату,
Страшыць сонца ня раз.

А ты — лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе, —
Дык прымі ў добры час…