Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГРАЙЦЕ, ПЕСЬНІ

Ці то позна, ці то рана,
Чую нейкую напасьць;
Дзе ні стану, дзе ні гляну —
Думка ўсюды голас дасьць.

Неба, сонца, месяц, зоры,
Людзі, пушча, ўся зямля,
Ўсё да сэрца штось гавора,
Ўсюды бачу моц жыцьця;

І пагодай, непагодай
Не магу драмаць, чакаць:
Так і хочацца заўсёды
Песьню вечную снаваць;

Добрай доляй, дзіўнай казкай
Сон палошыць з хат нямых,
Пацяшаці сонца ласкай
І старых і маладых;

Зваці, клікаць на пакосы,
На нязьмераны прастор,
Хай зазвоняць сьмела косы,
Грукне ў лесе хай тапор;

Хай цярэбяць, косяць, звоняць,
Клік пускаюць на ўвесь сьвет,
Аж няўлады ўсе разгоняць,
Ляжа чысты роўны сьлед.

Гэтак, покі сэрца чуе,
Што ня час у шапку спаць,
Грайце, песьні, хай красуе
Наш загон і сенажаць!