Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Песьня мая не зачэпе сягоньня
Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб…

Час, як крыніца, ідзе, не марудзе…
Кіне стары день жыцьцём кіраваць,
Новы дзень прыдзе, і новыя людзі
Будуць пачатую думку снаваць.

Песьня мая ня шукае чырвонцаў —
Будучнасць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, —
Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.

Пеці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле…
Ўсю Беларусь — неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.

|}