Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЖНЯЯ

Як сама царыца
Ў залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж сьпелых гоняў.
З каласкоў вяночак —
Моладасьці сьведка —
На ёй зіхаціцца,
Як у садзе кветка.
На грудзёх шчасьлівых
Каптанок ружовы,
У руцэ сярпочак
Зублены, сталёвы.
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.
Каласкі хінуцца
Перад ёй паклонна,
Дзівіцца ігруша
На мяжы зялёнай.
А яна — царыца
Весела, шчасьліва
Карануе песьняй
Залатое жніва.
Сьмела йдзе у сонцы,
Ўся сама — як сонца,
Гэта жнейка наша
Ў нашаей старонцы.