Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МАЯ ДЗЯЎЧЫНКА

У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне, —
Каласісты вянок жыта —
Коска жычкаю павіта;

Пара пасымкаў мятлічкі —
Броўкі мілыя ў сястрычкі;
Дзьве пралескі — яе вочкі,
Ці два ў збожжы васілёчкі;

Яе шчочкі — роўны ў сонцы
Цьвету-рожы ля ваконца;
Яе губкі — не калінкі, —
Проста сьпелыя малінкі!

Кветка-лілія з крыніцы —
Шыйка гэтай чараўніцы;
Два букеты з незабудкі —
Маладыя яе грудкі;

Як хмялёчак небадыльны —
Стан прытульны, перахільны:
Ручкі — хто зраўняўся з імі!
Так і шчасьце не абыме;

Сэрца… Ўсюды за ім пойдзеш,
Пекла, неба — ўсё там знойдзеш…
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне.