Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВОСЕНЬ

Вось і па леце… Няма яснай гожасьці;
Восень запела пагудку сваю;
Нудна, жаль нейкі адцьвіўшай прыгожасьці,
Гіне ахвота к пацехам, к жыцьцю.

Вока ня пасьвіцца зеленяй, коласам,
Сэрцу раздольля, прывольля няма;
Вецер заводзіць нябожчыцкім голасам,
Вые, рагоча, як ведзьма сама.

Лісьце струпеўшае з дрэў асыпаецца,
Веткі шкілетамі сталі бяз іх,
Воўчыя зрэнкі між пнёў палыскаюцца,
Птушчын і лопат, і шчэбет заціх.

Неба адзелася цёмнымі хмарамі,
Сыпе сьцюдзёнай слатою, дажджом;
Жоравы, гусі лятуць над папарамі…
Цёмна, пагібельна, сьлёзна кругом.

Штосьці трывожнае, зло-няпрыхільнае
Сунецца з гэтай мярцьвячай глушы…
Восень панурая, восень магільная!
Страшна ты чуткаму сэрцу, душы.