Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ТАЕ СЬНЕГ…

Тае сьнег, таюць сковы зімы ледзяністыя,
Сонца з ласкай ажыўчай гуляе ў прывольлі!
Хутка жаўранак песьняй сваёй галасістаю
Прывітае аратых на полі.

Узьніме чорную скібу саха працавітая,
Ляжа ўсходнае зерне у пахаць сырую,
Закалосіцца поле, сьлязой, потам зьлітае,
Зашуміць сваю думу старую.

Гаспадар той суважна свой шнур пасьвяточнаму
Абыходзіці будзе, красой любавацца,
Прыслухоўвацца шэлесту нівы няўрочнаму
І маліцца к сваёй зямлі-матцы.

Сьмела гляне на сьвет і на долю зьмянлівую,
Як дагэтуль, яму не дадуцца ўжо ў знакі
Тыя сілы з усходу і захаду мсьцівыя,
Што даймаюць цяпер, як вужакі.