Ноч за ночкай ідзе, сьцішна, тайна брыдзе,
Расьсявае трывогу-зьнямогу;
Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,
Ацямрае гасьцінец-дарогу.
І урок, і залом абыймае крылом,
Гругановым крылом спавівае;
Водзіць рэй з ведзьмаком, жэніць ведзьму з ваўком,
Кажана і саву заручае.
З ям вылазіць, як лунь, вадзянік і лясун,
Выпраўляюць русалкі бяседу,
Зьмей дабро цягне з пунь, пакуль крыкне пявун,
Пакуль поўнач ня зробіць прагледу.
Неба свой нямы сход: месяц, зор харавод,
Над зямлю то выводзіць, то зводзіць;
Сьпіць сяло, дрэмле кот, вецер цісьнецца ў плот,
Як на дудках, у шчэпках заводзіць.
Так ноч ночку вядзе, сьцішна, тайна брыдзе,
Расьсявае трывогу-зьнямогу;
Цені густа кладзе на пяску, на вадзе,
Ацямрае гасьцінец-дарогу.
1909 г.
|