Перайсці да зместу

Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 2.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЯВАР І КАЛІНА

Песьняй вясны лебядзінаю,
Скінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
Ў сумнай даліне над ярам.

Лісьцікі зеленяй хваляцца
Небу панятлівай мовай:
Росамі мыюцца раніцай,
Песьцяцца сонцам паўднёвым.

Захадам модлы пакорныя
З маткай зямлёй адпраўляюць;
Тайна у ночаньку чорную
Месяца, зор выглядаюць.

Слухаюць сьмехаў русалчыных,
Лопату крыльляў начніцы,
Ветру павеваў ап‘янчаных,
Плюскату шклістай крыніцы.

Чуецца музыка дзіўная
Ў повесьцях сонных імшараў…
Цешыцца явар з калінаю,
Скінуўшы зімнія чары.