Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДЗЕ НЯ ВЫЛЯЦІ З НЯВОЛІ…

Дзе ня выляці з няволі,
Ад пачатку да канчатку
Ўсюды ўбачыш сваё поле,
Ўсюды ўбачыш сваю хатку.

Ўсюды ўбачыш чалавека,
Што цямнотай цябе разіць,
З сьлязой вечнай пад павекай,
Вечна ў лапцях і сярмязе.

Хоць-жа сэрца, што за сэрца!
Лганьня, хцівасьці ня знае,
Жывучы-ж у паняверцы
Толькі гора к збыцьцю мае.

Горам чорным, ой, багата
Недарыла люд наш доля;
Гора ў хаце і за хатай,
Гора ў полі і за полем.

Вецер хаткаю калоце
І па шчылінах галосіць,
Гаспадар зьлёг ад калоцьця,
З дзяцьмі жонка есьці просіць.

Пустка ў сьвірні і ў вадрынцы,
Сьвінка хоча штось здыхаці,
Вые сучка на дзядзінцы —
Памрэ нехта ў гэтай хаце.

А у полі на загонах
Аруць віхры, барануюць,
Хутка, дружна, не натужна
Шнуры вузкія руйнуюць.

Далей — паркай сытай шпарка
Праляцеў пан у карэце,
А за ім паштовай паркай
Прэ чыноўнік на расьсьвеце.