Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ АБ ПЕСЬНЯХ

Туды-сюды, там ды сям
З думкай зьлётаў ўслужнай,
Во й гатова песьня вам!
Пейце толькі дружна.

А жыла-ж каб век вяком,
Сьпішу на паперы,
Бо што сьпісана пяром,
Ня выйме й сякера.

Песьні, знайце, — сэрца дар,
Шанаваць іх трэба;
Кепскі з нас той гаспадар,
Што ня мае хлеба;

І бяз песень-жа народ,
Што ён варт быць можа?
Ён і цёмны, як той скот,
І бяды ня зможа.

Газэт, кніжак мовай чэй
Найболей друкуюць,
Паважаюць тых людзей,
Любяць і шануюць.

Так і вы-ж, людцы мае,
Ўстаньце, ачуняйце,
Аб чым песенька пяе,
Хутка пераймайце.

Пейце, пейце а дружней,
Брацьці-Беларусы,
Барукайцеся сьмялей
З няпраўдай, з пакусай.

Блізкі той дзянёк, калі
Шчасна запануем,
Станем самі мы людзьмі
І край адбудуем.