Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
*

Думкі, думкі-весялушкі,
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песьняй азваліся?

Ці навеяў віхар з поля,
Як лісткі з бярозы?
Ці зрадзіла вас няволя,
Ці гора, ці сьлёзы?

Ці прыгожая дзяўчынка
Ў вуха нашаптала,
Што вачыма, як лучынка,
Міленька міргала?

І бажылася кахаці,
Век не пакідаці,
Разам гора гараваці,
А потым… ну, што там!?

*

Думкі, думкі-весялушкі,
Скуль вы узяліся,
Што ў душы, як тыя птушкі,
Песьняй азваліся?

Ці вас выараў сахою
На шнуры вузенькім?
Ці вас выкасіў касою
На сіўцы сівенькім?

Ці вас выкапалі людзі,
Як праўду хавалі?..
Ачарнілі фальшам грудзі
І помстай шакаляй.

Відмы сьмерці і разлукі
На скаваных сеюць,
Ў крыві братняй мочаць рукі,
На трупох шалеюць!..