Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КАМУ ВАС, ПЕСЬНІ?..

Каму вас, песьні, я нясьмелы
Тут буду пець, снаваць з душы,
З душы няшчаснай, набалелай,
Аж, змучан, згіну дзе ў глушы?

Ці для тых цёмных, нешчасьлівых,
Што не патрапяць прачытаць,
Ці для тых сьветлых, а зласьлівых,
Што не захочуць вас і знаць?

О! веру, веру; што загнаны
Мяне ня здрадзіць мой народ,
Але ён цёмны й акаваны,
І бедны думак яго ўзьлёт.

І вы, душы маёй тварэньні,
Ў нязнаньні будзеце марнець;
Таптаць вас будуць бяз сумленьня,
Пацук рукопісі патнець.

Аж нейкі ўчоны моль з прыпадку
Натрапіць, з пылу абтрасе,
Пачне чытаць вас ад пачатку
З-пад акуляраў на насе.

Прагледзе й скажа: „Матар‘ялу,
„Каб прасачыці быт людзей
„На Беларусі, тут ня мала,
„Жаль толькі, што няма усей,

„Усей рукопісі панурай.
„Хвалько поэта, знаць, ня раз
„Цаніць даваў яе для шчураў;
„А шчуры — спраўджана і ў нас —

„Істоты подлыя, нізкія, —
„Пяўцоў ім думкі не ў карысьць;
„Ім праў навукі хоць якія,
„Дабро чужое рады грызьць.