Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ ЖЫЦЬЦЯ

Нарадзіўся на долю-нядолю
Чалавек на багатым на сьвеце,
Ад пялёнак на волю-няволю,
Ад пялёнак бяз часу змарнеці.

Рос. Хадзіці наўчыла матуля,
У лазовыя лапці абула,
Апранула на скокі, на гулі,
Аж старая паціху ўсхліпнула.

І дала, ой, дала на дарогу
Крыжык, матчынай зьліты сьлязінай,
Бацька бацькаўску даў прасьцярогу;
Выпраўлялі так з хаты дзяціну.

І пашоў ён, пашоў шляхам знаным,
І пашлі за ім сьпекі, марозы,
І зажыў ён, зажыў князем-панам
Ні то жыў, ні то п‘ян, ні цьвярозы.

Думкі родныя сьледам хадзілі,
Коні, волікі ўчылі пакоры,
Пятухі на работу будзілі,
Сон наводзілі ціхія зоры.

Як устане, як пойдзе, бывала,
Пот-расіца і вымые чыста,
Сьлёз нап‘ецца сваіх да адвалу,
Кроў свая ахарошыць квяціста.

Цягам так, пад апекай, пад шчырай,
Ні дзе даць, ні ступіць яму шагу,
З кута ў кут, з году ў год, як на вырай,
Пятлёй волен прагнаць голад-смагу.

Ой, жывецца на сьвеце, жывецца,
Чалавеку так слаўна, так лоўка,
Аж і сьпіна штось гнецца, здаецца,
Затраслася, сьсівела галоўка.
..............