Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/229

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Дарогай змучаны далёкай,
(А быў дзяніны таей склон),
Я лёг пад крыжам і так лёгка
Заснуў, і гэткі бачу сон:

Я лесам шоў; якаясь змора
Вяла па ім мой сьпячы дух,
А лес быў цёмны, як дно мора,
Як мора дно, быў нем і глух.

Я заблудзіў, і страшна стала
Мне ў гэтай пушчы аднаму;
Ды бурай неба рагатала…
І ўздумаў я: памру ― вазьму!

Надзея з вераю нямелі…
Тады, як з неба ці з зямлі,
Якаясь цень падходзе ў белі,
Такая, быццам знаў калі,

І кажа мне: „Чаго, сын міра,
Упаў так сэрцам і душой?
Я ― песьня, а во мая ліра!
Бяры нас! Хочам быць з табой.

І страх жыцьця цябе аставе,
І бор пачне шумець жыцьцём;
Мы сьлед праложым табе к славе,
Чаго жадаў, мы ўсё дадзём“.

І дзіва! Блуд і страх мой зломан:
Лес прасьвятлеў, загаманіў,
Мне стаў паняцен пушчы гоман…
Тут я збудзіўся, не дасьніў.[1]


  1. У арыгінальнай публікацыі ні загалоўку, ні зорак няма. (Вікікрыніцы )