Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адбываецца цеснае перапляценьне нацыянальна-культурнае працы ніткамі соцыялізму і рэволюцыйнасьці.

Далейшае поле для працы — сялянства, якое, зразумела, галоўным чынам, і зацікаўлена ў тым, каб вызваліцца з прыгону соцыяльна-політычнага і нацыянальнага. Польскія аграры, расійскія чыноўнікі і панаваньне ў краі наднароднае буржуазнае, офіцыяльнае культуры прыгнятацеляў — стварала соцыяльныя ўмовы для ўзросту культуры протэстуючай, народнай, рэволюцыйнай, якая-бы афармляла і культывавала нацыянальна-клясавы протэст. Гэтыя абставіны напіралі на музу беларускіх пісьменьнікаў, на перадавыя слаі беларускае інтэлігэнцыі. І ў скутку няўхільны загіб у бок рэволюцыйнасьці прыняў і ўвесь гэнэзіс разьвіцьця беларускае культуры і, асабова, літаратуры. Прышоўшая ў 1904 годзе ў літаратуру пясьнярка Цётка, будучы сябрам Беларускай Соцыялістычнай Грамады, сваімі вершамі кідае лёзунгі паўстаньня ў гушчы політычна-абуджанага сялянства і гарадзкога рамесьніцтва. Гэтак што знатны 1905 год сустракаецца беларускай літаратурай гымнамі, літаньнямі. Адзначанае падгатаўляе шлях да выяўленьня новых сіл ужо з гушчы самое працоўнае клясы. Хвалі рэволюцыйнага ўздыму, што разгайдалі іх рабочыя і сяляне, скаланулі скрэпы нацыянальнага ўціску і культурнага застою. Паўстае творчы дух у самых працоўных гушчах беларускіх. Адзнаньне павіннага культурна-нацыянальнага адраджэньня разьліваецца па шэрых абшарах вясковай краіны, успрымаецца шырокімі коламі народнае інтэлігэнцыі, перадавым сялянствам ды рамесьніцтвам; вырастае рашучая гатоўнасьць да яе вытварэньня і… пачынаецца новы тэрмін у справе разьвіцьця маладое беларускае літаратуры, яе зрадненьне з народнай стыхіяй, яе абнародваньне.

У гэты вось момант і зьяўляецца на сцэну першы пасланец у літаратуру ад працоўнага сялянства, яго наступны баян і трубадур, Янка Купала. Ён, як-бы ў моц гістарычнае прымхі, нараджаецца з полымя вялікае рэволюцыі, каб апаліць у ёй сваю музу і загартаваным выйсьці на няроўны шлях свае працы. Уперадзе прарастала храсткамі атрутлівая рэакцыя, згушчаліся хмары, каб загасіць проблескі свабоды — політычнай і нацыянальнай, а гасьцінец змаганьня звужваўся, зарастаў калючкамі — політычная сытуацыя суліла нядобрае,