Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

(Крытычна-біографічны нарыс)

На сходзе дзевятнаццатага сталецьця беларуская літаратура мела ўжо пад сабою досыць крэпкі грунт і багатую глебу для далейшага свайго разьвіцьця. Творчасьць Ф. Багушэвіча, Яна Няслухоўскага і інш. пусьціла глыбокае карэньне ў рады маладое беларускае дробнашляхецкае і розначыннае інтэлігэнцыі. Студэнцтва вышэйшых устаноў, якое лёгка паддавалася ўплыву ідэй політычна-экономічнага вызваленьня, спачуваюча сустракала ідэю нацыянальнага вызваленьня Беларусі, якое выказвалася ў тыя часы, галоўным чынам, у разьвіцьці беларускага пісьменства. Праца нацыянальна-соцыялістычных партый у Беларусі, як ППС, Бунд, С.-Д. Літвы і Польшчы, а таксама павінная ўвага нацыянальнаму пытаньню ў програмах агульна-расійскіх соцыялістычных партый спрыялі шпаркаму росту прыхільнікаў беларускага нацыянальна-культурнага вызваленьня. Гурткі беларускіх студэнтаў у Пецярбурзе, Маскве, Менску і інш. упяршыню выяўляюць сабою пачатковыя організацыйныя формы гэтага руху.

З ліку студэнцтва выходзяць новыя беларускія пісьменьнікі, якія паглыбляюць соцыяльны характар у беларускай літаратуры, захапляюцца павевамі народніцтва і прыдаюць ёй больш, калі можна выказацца так, дэмократычны адбітак. К. Каганец, Ядвігін Ш. (А. Лявіцкі) — пісьменьнікі, Ян Луцкевіч, А. Грыневіч, Альгэрд Бульба — публіцыстыя, прадстаўнікі дэмократычнай інтэлігэнцыі, сваю літарацкую працу цесна зьвязваюць з працаю політычна-грамадзянскаю, зьліваючыся з соцыялістычнымі партыямі (К. Каганец).

Гэткім чынам, 90 годы перакладаюць к гадом дзевяцісотым дваццатага сталецьця шырокі мост, па якім ужо ў 1903 годзе праходзіць беларуская політычная партыя „Беларуская Рэволюцыйная (а пасьля Соцыялістычная) Грамада“.