Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

АХ, ЦІ ДОЎГА…

Ах, ці доўга, брацьце, будзем
Пад няволяю стагнаць?
Ах, ці доўга сваё шчасьце,
Сваю долю праклінаць?

Ці так цягам, як сягоньня,
Цярпець будзем мы бяду?
Ці-ж нам горкая нядоля
Напісана на раду?

Жыцьцё нашае, нас бедных,
Заганяных мужыкоў,
Горш за ўсякае стварэньне,
За сабак і чарвякоў.

Хоць мазольнымі рукамі
Ты працуеш кожны дзень,
Хоць у гэтай цяжкай працы
Сохнеш з голаду, як цень, —

Але твае жонка, дзеці
Хлеба просяць у людзей,
Але тваім жонцы, дзецям
Няма чым прыкрыць грудзей.

Ці мароз, ці сьнег вялікі,
Басяком бяжыш на двор,
Бо такая твая доля,
Такі яе прыгавор.

Калі часам дзе двузлотку
Зарабіў ты ў пана дзе,
Дык на чынш і на падаткі
Яе воласьць забярэ.