Старонка:Як вясну гукалі (1927).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праветрыць ад сьнегу зямля, раскінецца пад вакном бярозка — тады ён выйдзе на вуліцу, сядзе на сукаватую калоду ды будзе глядзець на сіняе неба, як гэта грае сонца ў саду. Завернецца ў сярмягу — будзе сядзець доўга і кашляючы глядзець у канец вуліцы.

Хатка — старэнькая, ня грэе й печ, а ў ёй цёмна, сьцюдзёна, брудна і за працай сядзяць усе ў вопратках — старых кажухох, якія зусім ня грэюць.

Прыходзіць часта гуляць яго стары дружак Лявон: у маладосьці гулялі разам, выпівалі, калі было вясёла ці сумна, а як былі хлопцамі, дык разам выбіралі маладух… Лявон у разарваным кажуху, падпяразан пяньковым поясам, на шыі гразны рушнік, а на галаве аблавухая шапка.

— Дзень добры ў хату!

У парозе абтрасае сьнег ад вялізных лапцей, гладзіць сівенькую бародку ды выбірае з яе асьцюлькі ад мякіны, а тады садзіцца.

— Што-ж ты, Клім не зьлязаеш-га? Зьлязай, пазюкаем! Навіны раскажу, а то ты ўсё ляжыш ды ляжыш на печы — бакі скора аблезнуць…

Дробна сьмяецца, шырока разяўляючы рот, а ў горле ў яго нешта хрыпіць. Гэта ён — апавядае, — як, дзяліўся з братам, дык моцна пасварыліся, а брат ня спусьціў ды абухам стукнуў па сярэдзіне — паламаў адно рабро, цяпер-жа хрыпота й кашаль…

Тады з-за печы высоўваецца чорная, ускалмачаная барада, твар з распухлымі векамі — кашляе, хрыпіць, чэша галаву і гаворыць:

— Як-жа ты дабраўся?

Зьдзіўляецца дзед, а дайці толькі двое гоняў.