Старонка:Як выбіраць дэпутатаў у Гас. Думу (1912).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Такім парадкам бачым, што дагэтуль беларусы рабілі вялікую абмылку: мы павінны выбраць у Думу перш-наперш сваіх сьведомых беларусоу, ды такіх, каторые ня пойдуць пад каманду чужых людзей, а цьвёрда будуць бараніць свой край, свой народ, сваю родную мову. Мы павінны падаваць свой голас і за людзей іншых націй, але толькі тады, калі добра ведаем, што яны, дабіваючыся правоў для сябе, роўна шануюць усе націі, ў тым ліку і беларускую, ня гледзячы на тое, хто да якой веры належыць. Мы павінны добра пілнавацца, каб нашымі галасамі не пападалі ў Думу людзі, каторых ня рупіць карысць усяе нашай старонкі. Нашы дэпутаты павінны цьвёрда дабівацца права вольна развіваць сваю культуру для ўсіх націй, што жывуць на беларускай зямлі, і правадзіць такіе законы, пры каторых народ наш, маючы вольны доступ к прасьвеці, здалеў-бы сваімі сіламі палепшыць свае жыцьцё, а ўвесь край мог-бы багацець і ўсестаронна развівацца.

І калі ўсе беларусы пададуць свае галасы на выбарах за такіх людзей, яны будуць мець спакойнае сумленьне, што добра споўнілі сваю грамадзкую павіннасць на карысць свайго народу і роднай старонкі.

Ня ўсе ведаюць, як павінны рабіцца выбары дэпутатоў у Гасударственую Думу, хто карыстае з выбарнаго права, значыць, хто можэ быць выбаршчыкам і дэпутатам. Закон аб выбарах досі паблутаны, і мы, атказаўшы на пытаньне: каго выбіраць? — разбярэм у гэтай кніжцы акуратна, хто і як можэ выбіраць і быць выбраным дэпутатам у Думу.