Старонка:Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Жыцьцё і літэратурная творчасьць (1933).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На працягу 10-ёх гадоў, якія прайшлі ад сьмерці Ядвігіна Ш., беларуская літэратурная крытыка, зрабіўшая за тэты час вялікія крокі ў сваім разьвіцьці, пасьвяціла пэўнае мейсца і ягонай творчасьці. Маем даволі паважную стацьцю М. Пятуховіча п. н. «Ядвігін Ш. (жыцьцё і літэратурная дзеяльнасьць)», надрукаваную у «Запісках аддзелу гуманітарных навук» (Менск 1928 г., т. I, кніга 2), і артыкул А. Навіны п. н. «Ан­тон Лявіцкі (Ядвігін Ш.)», зьмешчаны ў зборніку літэратурна-крытычных стацей «Адбітае жыцьцё» (Вільня 1929). Апрача гэтага аб Ядвігіне Ш. знаходзім у «Гісторыі беларускае літэратуры» М. Гарэцкага, у «Хрыстаматыі новай беларускай літэратуры» д-ра Ігн. Дварчаніна, а таксама некаторыя дробныя ўвагі, датычучыя творчасьці Ядвігіна Ш., у «На­шай Ніве» (№ 7, 1910 г.), у «Вялікоднай пісанцы» (1914 г.), у «Беларускім Звоне» з 4. III. 22 г. і іншых.

Стацьця М. Пятуховіча ў частцы, дзе ён разглядае творчасьць Ядв. Ш., можа зьяўляцца добрым павадыром пры аналізе твораў пісьменьніка. Аднак, у біаграфічнай частцы стацьця гэтая вымагае паважнае коррэктуры. М. Пятуховіч карыстае бяскрытычна з успамінаў В. Лёсікавай і П. Бадуновай, у той час, як гэтыя крыніцы асабліва вымагаюць узброенага ў крытычны апарат вока.