Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Уршуля. Ах, нічога ня трэба, толькі я пасіджу тут гэтак адна, вы мяне пакіньце, гэта пройдзе…

Пышка (выходзіць).

Уршуля (д. с.). Ах, Божа мой! Нарэшце! Зьявіўся той, якога я так доўга чакала! Ён — граф, каралевіч — панясе мяне ў свой палац і будзе мяне любіць крэпка, горача… Ох, як сэрца бьецца…

Зьява 15.

Мяшочак, Уршуля, Мацальскі.

Мацальскі (уваходзіць, абціраючыся хустачкай, падыходзіць да стала і налівае сабе піва).

Уршуля (да Мацальскага). Ах, гэта вы! Чаму-ж вы мне адразу нічога не сказалі?

Мацальскі (не разумеючы ў чым справа). А? што? чаго?

Уршуля. Чаму вы са мной гэтакі нясьмелы? Трэба было адразу сказаць усё. Я вас так добра разумею. Ніхто гэтак не адчувае вашай душы, як я. Яны ўсе — гэта не для вас кумпанія. А нашы душы адразу адна адну зразумелі, хаця так мала слоў было сказана… Тады ўжо, як вы скурачкай апальцыну папалі мне ў лоб, я ўжо ўсё зразумела, усё адчула…

Мацальскі (д. с.). Гэта баба ашалела, ці што?

Уршуля. Пойдзем! Пойдзем скакаць! Закружымся ў віхры вальса апошні раз… да заўтра… я прыйду… ох! я прыйду!.. (цягне яго за сабой).

Мацальскі. Пачакайце-ж! Дайце-ж мне хоць піва выпіць.