Старонка:Шчасьлівы муж. Ф. Аляхновіч.PDF/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ох, мая ягадка чырвоненькая! пумпачка!.. (цалуе яе ў руку).

Магдалена (аглядаючыся навокал). Ах, што вы!.. пасьля…

Зьява 12.

Тыя-ж, Лапурка, Галька, Уршуля (уваходзяць).

Лапурка (вясёлы хлапец з гармонікам; увайшоўшы, цалуе Магдалену ў руку). Пані Магдалене наша паважаньне! Віншую з імянінамі… каб заўсёды было многа грошай, многа шчасьця і многа дзетак…

Магдалена. Фу!.. Ну, што вы!.. Дзякую!..

Галька (цалуецца з Магдаленай). Віншую цябе, Магдзя, і зычу табе ўсяго таго, чаго сама хочаш…

Магдалена. Дзякую… дзякую…

Уршуля (так-сама цалуецца). Усяго найлепшага…

Магдалена. Дзякую… Будзьце знаёмы: граф Мацальскі, — пан Лапурка з жонкай, панна Уршуля…

Мацальскі (падае руку). Граф Мацальскі… Я, можна сказаць, авэк плязір…

Магдалена. Ну, і ня будзем марудзіць. Калі ласка, прашу ўсіх сюды, у гэты пакой, закусіць крыху… Прашу!.. (паказвае рукой на сярэднія дзьверы).

Усе, апроч Шышкі і Пышкі, ідуць у другі пакой і сядаюць навокал стала. Мацальскі пасярэдзіне.

Пышка (устрымоўваючы Шышку). Слухай, ты ня ведаеш, ці пры стале трэба з дамамі гутарыць, ці можна маўчаць?

Шышка. Пры стале, здаецца, можна маўчаць… але вось у часе скокаў дык трэба гаварыць камплямэнты…