Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нуда гняце з днём кожным болей,
Быт спавівае чэрнатой,—
Як сухавей у чыстым полі
Гуляе з зернем-сіратой.

Пытання злога не пазбыцца,
Як мара бледная стаіць:
Куды ісьці? за што ўчапіцца?
Якім багам паклоны біць?

Мінуў, загінуў час вясёлы,
Калі зрываўся з усіх сіл
Ад родных ніў, ад родных сёлаў,
Ад апаганеных магіл

Туды, туды, ўсё далей, далей,
Да недасьцігнутых вышын,
Каб апыніўшыся ў крыштале
Шчасьлівых сонечных іскрын,

Самое сонцэ ўзяць у рукі,
І як с паходней з ім ісьці,
Сьвятлом ніштожыць нашы мукі,
Увесь плач роднае зямлі.

Ўзнімаць патоптаные душы,
Людзкім названнем акрыляць,
К жыцьцю падняць з магільнай сушы
Усіх, што толькі ешчэ сьпяць,

Служыць, служыць жадаў народу,
Сваім закованым братом…
І сіл не стала з непагодай
Вясьці вайну, вясьці з жыцьцём.

Чырвонай зданню ў цёмных сенцах
Наш Рок сляпы снуе, цвіце;
Зьмяіны хохат атшчэпенцаў
Жывые грудзі рве, гняце.

..............
..............
..............
..............