Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/265

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка была вычытаная

Груган.

Спанад лесаў, спанад хмараў
Груган вылетае,
Сеў пад вёскай на папары,
Груганят склікае.
На вялікай, знаць, быў згубе
Ў далёкіх старонках:
Рука правая у дзюбе
З залатым пярсьцёнкам.

—Эй, скажы, груган незнаны,
Скуль ты прыбываеш?
Скуль пярсьцёнак пазлачаны,
І руку скуль маеш?—
За гарамі, ой, дзяўчына,
Страшны бой вядзецца;
Кроў ліецца ручаінай,
Труп на труп кладзецца.

Зарывае люд рабочы
Ссечаны галовы,
На малойцаў грудзі, вочы
Сыплюць наспы новы.
На курганах на бедачых
Воўчы рык чуваці;
Не адна галосіць, плачэ
Сірата і маці.

Сьлязьмі горка залілася
Бедная дзяўчына:
—Вось калі я дажылася
Нешчаснай часіны!
Ой, руку я ўжо пазнала!
Той, чыя,—не ўстане:
Гэты персьцень даравала
Міламу ў разстанні.