Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Высылай, разсылай на край сьвет пасланцоў,
Як з гнезда сакалінаго сокалаў,
Хай лятуць, далятуць да байцоў-удальцоў,
Хай грымяць весткай добраю ўвокала.
Годзе ў полі, ў лясох ты, старонка, і так
Сіратой начэвала забытаю,
Годзе выпіў крыві з сэрца крыўды чэрвяк,
Косьці вецер тачыў непакрытые.
Падымайся з нізін, сакаліна семья,
Над крыжамі бацькоў, над курганамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між славянамі!..

|}



Выйдзі…

Ўстань ты, старонка, родная маці.
Годзе зімоваго рабскаго сну,
Годзе табе ўжо слёзна ўздыхаці,—
Выйдзі на поле, на сенажаці,
Выйдзі спаткаці вясну!
Скінь лахманы, што доўгіе векі
Ты валачыла с кастры, с палыну;
Выйдзі с пад дзікай зімняй апекі,
Што над табою строіла здзекі,—
Выйдзі спаткаці вясну!
Вырылі сьцюжы ўюгамі, сьнегам
Яму глыбоку табе не адну;
Сьнежные наспы мела начлегам…
Глянь, сьнягі таюць, рэчкі йдуць бегам…
Выйдзі спаткаці вясну!
С поўначы сівер кідаў табою,
Як абадрану з лісткоў галіну;
З захаду зьверы йшлі чэрадою
Рваць твае грудзі… Вышла жывою,
Выйдзі-ж спаткаці вясну.
Дзетак тваіх скрозь крыўдай сьляпілі,
Мучылі, гналі без часу ў труну,