Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аратаму.

Ну, годзе ўжо спаці! глянь: сьветла ўжо ў хаці,
Весна заглядае ў вакно;
Ўжо птушка сьвяргочэ, ўжо лісьцік шапочэ,
Цябе «шнур» чэкае даўно.

Хай сошка крывая, кабылка худая
І ты сам крывы і худы
Пацягнуцца ў поле, на тое прывольле,
На тые прадзедаў сьляды.

Ты—пан, ты—багаты, ты—сіла, араты!
Ты ў крыўду ня даўся-б другім:
Знай, шмат каму трэба с тваей працы хлеба,
Дый сам ты галодзен саўсім…

Дык выпрамся-ж крошку, дый жыва за сошку,
Ды ў поле—к вялікай арбе!
Бач, можэ і долю ў няўродлівым полю
Ты выарэш, братка, сабе…

Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі—
Любі сваю ніву, свой край,
І, колькі ёсць сілы, да самай магілы
Ары, барануй, засевай!..



Араты.

Цягнецца араты
За сахой крывой;
Конік сьлепаваты
Трасе галавой.
Бражджыць, скачэ сошка
То на пень, то с пня…
Цяжэнькая ношка,
Араты, твая!