Перайсці да зместу

Старонка:Шкялёнак У трохсотыя ўгодкі.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

або статутам, але толькі сваім зданьнем і ўпадабаньнем уладнасьць сваю гаспадары і каралі таго сьвету над людзьмі расьцягалі, але іж частакроць ад прыстойнае свае павіннасьці адступавалі, а на свой толькі пажытак рэчы нацягаючы, а спольнае дабро ўсіх мала дбалі, адтуль то было ўрасло, што людзі брыдзячыся іх панаваньнем і зьерхнасьцю і не гаспадарамі, але тыранамі оныя называючы, на самым толькі статуце і праве апісаным усё бесьпячэнтва і добрае рэчы паспалітае засажалі“.

Слушнасьць свае думкі пацьвярджае Сапега цытатамі з твораў старадаўных філёзафаў, а ў першую чаргу Арыстотэля, каторы казаў: „там бэльлюа, а панашаму дзікія зьверы, пануець дзе чалавек паводле ўпадабаньня свайго уладнасьць расьцягаець; а дзе права або статут гару маець, там сам Бог усім уладаець“. Гэтую жыватворчую сілу мае права дзеля таго, што яно зьяўляецца—паводле думкі другога старадаўнага філёзафа: „оным праўдзівым рассудкам а мудрым чалавечага ўмыслу бачэньнем, каторым Пан Бог натуру чалавечую абдарыў“ з тэй мэтаю, каб розум і бачэньне гэтае дапамаглі адрозьніць „пачцівыя рэчы ад непачцівых“, першыя насьлядаваць, другіх высьцерагацца.

Гэтыя разважаньні Сапегі паказваюць, што пагляды яго згаджаліся з постулятамі пазьнейшае школы натуральнага права, каторая казала, што існуе права абсалютнае, аб’ектыўнае, справядлівае для ўсіх народаў у-ва ўсе часы іхняга існаваньня; трэба толькі пазнаць гэтае права і знайсьці крытэрыум дзеля адрожненьня праўнага ад бяспраўнага. Права натуральнае мела быць ідэалам, да якога павінна імкнуцца недасканалае права людзкое, перш за ўсё празначанае для паўстрыманьня небясьпечнае самаволі паасобных людзкіх адзінак. У гэтым сэньсе права, як пэўныя цуглі, паўстрымліваючыя людзей ад бяспраўных учынкаў, патрэбна ня толькі для пануючага, але і для падданых. Думку гэту Сапега выражае так: „Леч, іж ня ўсіх так прыроджаньне справіла, абы больш розуму аніжэлі маетнасьцей сваіх а бэстыяльскіх папудлівасьцей насьледаваці мелі, — тое ўдзіла або мунштук на зухвальцы Пан Бог і права яго сьвятое ўлажыла, абы тыя за неучцівыя справы свае слушнае караньне, а цнатлівыя прыстойную заплату аднасілі“.

Праўны парадак у дзяржаве ёсьць зарукай і фундамэнтам яе дзяржаўнага ладу, бо, паводле Сапегі, толькі там „панствы і каралеўствы стаяць і ў цэласьці сваей захаваны бываюць, дзе ліхія помсту, а добрыя заплату адносяць“. Моцнага права ўласнае дзяржавы і непашаны яго дамагаюцца толькі тыя, для каторых „свая воля міла а розум ім непрыяцелем“.

У канцы, Сапега, паклікаючыся на прыклады із старадаўнае гісторыі, праводзіць думку, што навет найгоршае права ёсьць лепшым ад неабмяжованага панаваньня аднае асобы. З гэтага гледзішча Сапега апраўдывае ўзрастаўшае пашырэньне правоў шляхты коштам улады гаспадара.

Другі твор Сапегі—прамова на Сойме з прычыны выданьня Статуту,—хоць і паўтарае часткова думкі, выказаныя ў папярэдняй працы, аднак, з увагі на тое, што тутака Сапега зварачаецца не да гаспадара, а да шляхты, ён зьмяшчае шмат новых паглядаў, больш да-